Амаль у цэнтры Зэльвенскага раёна на тэрыторыі Зэльвенскага сельскага савета знаходзіцца вялікая і прыгожая вёска з цудоўнай назвай Бародзічы.
У пачатку ХХ стагоддзя ў в.Бародзічы была адкрыта царкоўна-прыхадская школа, у якой навучалася 25 дзяцей, настаўнікам быў Ф. Янкоўскі.
З 1913 па 1952 год у вёсцы дзейнічала толькі пачатковая школа. Частка дзяцей навучалася ў прыватных арэндаваных дамах. Вучні працягвалі навучанне ў 5 класе Зэльвенскай сярэдняй школы.
Жыхары вырашылі пабудаваць новую школу. Будавалася яна да 1952 года. З 1945 па 1952 год дырэктарам быў Пятніцкі Іван Адамавіч. Гэта быў добры і чулы чалавек. Жонка яго, Ніна Іванаўна, таксама працавала настаўніцай. Яны выхоўвалі двух сыноў – Васіля і Леаніда. Сілы, энергіі, цярпення і дабрыні хапала і на сваіх уласных дзяцей, і на ўсіх вучняў пачатковай школы. У той складаны пасляваенны час Іван Адамавіч клапаціўся, каб усе вучні былі забяспечаны падручнікамі, каб былі створаны належныя ўмовы для паспяховага навучання.
Першым дырэктарам сямігодкі быў Насовіч Міхаіл Міхайлавіч, які працаваў да 1955 года. З 1955 па 1957 гады дырэктарам быў Галубовіч, які выкладаў біялогію. Ён вельмі добра ведаў і любіў родную прыроду, і гэтую любоў прывіваў сваім вучням.
З 1957 па 1972 гады дырэктарам працаваў Глушцоў Ілля Ісакавіч. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі..
У 1968 годзе яму было прысвоена званне "Заслужаны настаўнік БССР”. Ілля Ісакавіч адказна ставіўся да сваёй працы, быў патрабавальным, але і справядлівым.
Дзяцей у той час у школе было многа, школа працавала ў дзве змены. Было 8 класных пакояў.
Побач са школай было пабудавана драўлянае памяшканне для гаспадарчых прыладаў працы і школьная сталовая. У школе зрабілі капітальны рамонт. У 1957 годзе быў пасаджаны школьны сад.
У 1972 годзе Ілля Ісакавіч памёр. Дырэктарам быў прызначаны Галавач Аляксандр Аляксандравіч, выдатнік адукацыі СССР. Ён многа зрабіў для школы. За шэсць гадоў пабудаваны спартыўная зала, класны пакой, пакой для музея, майстэрня, піянерскі пакой, цяпліца, стадыён, спартыўны гарадок. Школа працавала па кабінетнай сістэме. Метадычны і навучальныя кабінеты па насычанасці, сістэматызацыі матэрыялаў лічыліся лепшымі ў раёне. За вопытам сюды прыязджалі педагогі з усёй рэспублікі.
У 1989 годзе школу ўзначаліла Валадзько Ірына Сыктусаўна. Была наладжана цесная сувязь паміж школай і калгасам імя Леніна. Дзякуючы гэтаму, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база школы. Быў адкрыты камп’ютэрны кабінет. У школе вучылася больш за 100 вучняў.
На працягу ўсяго перыяду існавання Бародзіцкай базавай школы калектыў педагогаў яднала любоў да дзяцей і сваёй настаўніцкай працы, жаданне даць нашаму падрастаючаму пакаленню трывалыя веды, выхаваць высокамаральных, чулых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Вучні школы прымалі актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, неаднарозова станавіліся прызёрамі, пераможцамі раённых, абласных алімпіяд.
У 2007 годзе Бародзіцкая базавая школа была рэарганізавана ў ДУА
"Навучальна-педагагічны комплекс Бародзіцкі дзіцячы сад-пачатковая школа”.
Школа ў Бародзічах Сдымак 13.06.1935 годаБудынак першай школы ў в. Бародзічы Дом, ў якім размяшчалася пачатковая школа Бародзіцкая базавая школа
ДУА
"Навучальна-педагагічны комплекс Бародзіцкі дзіцячы сад-пачатковая школа”
Матэрыял прадстаўлен вучнямі і настаўнікамі ДУА
"Навучальна-педагагічны комплекс Бародзіцкі дзіцячы сад-пачатковая школа”