Дзейнасць народных вучылішчаў у Ваўкавыскім павеце
Гродзенскай губерні ў другой палове ХІХ
– пачатку ХХ стст.
Складана сёння вызначыць, калі было адкрыта першае
народнае вучылішча на тэрыторыі Ваўкавыскага павета. Але матэрыялы, якія
захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна, даюць
магчымасць даведацца пра акалічнасці іх узнікнення, дзейнасці, расходах на
будаўніцтва некаторых народных вучылішчаў, іншых цікавых фактах з школьнага і
грамадскага жыцця другой палавіны ХІХ – пачатку ХХ ст., што з’яўляецца вельмі
каштоўным пры вывучэнні гісторыі роднага краю.
Так, напрыклад, ў пісьме "законанастаўніка” Івашкавіцкага
народнага вучылішча Ігнація Канчэўскага, адпраўленага ў Гродзенскую Дырэкцыю
Народных вучылішчаў 15 студзеня 1867г., паведамляецца аб адкрыцці ім 1
лістапада 1866г. прыватнага вучылішча ў вёсцы Бязводнае, якая знаходзіцца ў наш
час на тэрыторыі Зэльвенскага раёна. Свяшчэннік даводзіць да ведама Дырэкцыі,
што вучылішча адкрыта па жаданню сялян, якія "устроили вполне потворствующий
училищным потребностям дом”[11, д.4., л 52]. Пісьмо змяшчае звесткі аб колькасці вучняў – 24
хлопчыках і 4 дзяўчынках. Настаўнікам Ігнацій Канчэўскі назначыў, да
распараджэння Гродзенскай Дырэкцыі народных вучылішчаў, дзяка Івашкавіцкай
царквы Мікалая Красніцкага. Пісьмо змяшчае хадайніцтва аб прыняцці
Бязводненскага вучылішча ў лік народных вучылішчаў Гродзенскай губерні з
назначэннем у яго настаўніка.
Цікавы аналітычны матэрыял змяшчае ведамасць па
Бязводненскаму грамадскаму вучылішчу за другую палавіну 1868/ 69 навучальнага
года. У гэты час у вучылішчы займалася ўжо 22 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. Магчыма,
2 вучні не змаглі прадоўжыць адукацыю з-за складаных фінансавых магчымасцей
сям’і. Вучні, дзяўчынкі і хлопчыкі, былі рознага ўзросту – ад 8 да 16 гадоў.
Вучыў дзяцей Герасім Сцяпанавіч Дробчык, які выхоўваўся ў Ваўкавыскім уезным
вучылішчы. Вучэбны год цягнуўся з 10 кастрычніка да 1 мая. Вучэбныя прадметы,
якія выкладаліся ў вучылішчы – закон Божы, рускае чытанне, славянскае чытанне,
арыфметыка, спевы, пісьмо. Адзнакі вучням у ведамасць настаўнік выстаўляў не
лічбавыя, а ”славесныя” – "добра”, дастаткова добра”, "парадачна”, "неглыбока”[12,
д.4, л 68-68 об.].
У пачатку ХХ стагоддзя ў Ваўкавыскім павеце колькасць
народных вучылішчаў значна павялічылася. Як паведамляюць архіўныя матэрыялы,
толькі ў 1915г. на тэрыторыі сучаснага Зэльвенскага раёна было адкрыта 23 новых
вучылішчы, у якіх займаліся 1023 вучні [13, д.268, л.5,6.]. З іх Крамяніцкае, Міжэрыцкае
і Славаціцкае вучылішчы былі двухкласныя. Міжэрыцкае і Крамяніцкае вучылішчы
былі самымі вялікімі – у іх займалася адпаведна 93 і 91 вучань. Кожнае
вучылішча мела "свецкіх” настаўнікаў і
"законанастаўнікаў”. Большасць настаўнікаў, якія выкладалі закон Божы, былі
праваслаўнымі свяшчэннікамі, і толькі ў 5 народных вучылішчах разам з
праваслаўнымі святарамі былі каталіцкія. Ведамасць змяшчае інфармацыю аб заработнай плаце настаўнікаў. ”Свецкія”
атрымоўвалі 360 – 420 рублёў у год, праваслаўныя – 6о, каталіцкія – 25.
Некаторыя вучылішчы ўтрымліваліся за кошт дзяржаўных
асігнаванняў, па 700 рублёў у год. Гэта такія вучылішчы, як Пасуціцкае,
Аўдзевіцкае, Крываконненскае і іншыя. Акрамя жалавання настаўнікам, дзяржаўныя
сродкі ішлі на аплату памяшкання, наём прыслугі, ацяпленне, падтрыманне
чысціні, асвятленне, вучэбна – выхаваўчую частку, канцылярскія рэчы, пакупку
сшыткаў, чарніла [14, д.140, л56]. Пасуціцкае народнае вучылішча мела зямельны
ўчастак памерам у 1дзесяціну 1600 квадратных сажняў, на якім 77 вучняў у 1912г.
займаліся агародніцтвам, садаводствам, пчалаводствам, паляводствам [15, д.20,
л10].
У в.Крамяніца Ваўкавыскага павета з 10 кастрычніка 1904г.
пачало працаваць народнае вучылішча не ў наёмным памяшканні, а ў асобна пабудаваным,
з прыцягненнем дзяржаўных і грамадскіх
сродкаў, а таксама грамадскіх сіл. На пабудову памяшкання, лесаматэрыялы і
дастаўку было зрасходавана, па каштарысу, 2 754 руб. Павятовыя чыноўнікі настойвалі, каб абавязкова пры ажыццяўленні
будаўнічых работ удзельнічалі жыхары вёскі. Пабудаванае памяшканне можна было
далічыць да добраўпарадкаваных – 4 печкі, шкляныя вокны, шафы, 12 пяцімесных
класных лавак, асобны ад будынка школы хлеў. Вокны, дзверы будынка пафарбаваны.
Тэрыторыя вучылішча абнесена плотам [16, д.53, л.1, 13].
Падводзячы вынікі разгледзенаму пытанню, можна вылучыць
станоўчыя і адмоўныя бакі развіцця народных вучылішчаў Ваўкавыскага павета
Гродзенскай губерні ва ўказаны перыяд. Станоўчымі фактарамі можна лічыць
павелічэнне колькасці народных вучылішчаў у пачатку ХХ ст.; існаванне ў вёсках
з вялікай па тых мерках колькасцю насельніцтва двух вучылішчаў ( такая сітуацыя назіралася ў в.
Крываконна Зэльвенскай воласці); дапамогай дзяржавы ў дзейнасці вучылішчаў.
Але не меншымі былі і адмоўныя моманты ў рабоце
вышэйуказаных устаноў адукацыі. Па – першае, гэта вельмі сціплы пералік
вучэбных прадметаў, якія выкладаліся ў народных вучылішчах. Па – другое,
кароткі вучэбну год ( 2-е Крываконненскае вучылішча ў 1912/13 вучэбным годзе
вучылася з 28 верасня да 23 сакавіка). І, бадай, самае галоўнае. Згодна
справаздачы за 1913г. па 2- му Крываконненскаму вучылішчу, у гэтай вёсцы ў той
час пражывала 715 чалавек. Граматных сярод іх налічвалася толькі 90, а гэта
12,5% ад агульнай колькасці жыхароў такой вялікай вёскі [17, д.57, л 1].
Выснова толькі адна – нізкі адукацыйны ўзровень беларускага грамадства,
абыякавасць да гэтай важнейшай праблемы з боку царскіх улад і мясцовага
кіравання.
Из работы учащихся Князевской гимназии Скуба Максима и Савко Анны, руководитель Кузьмин Александр Владимирович