Хараство зямлі Зэльвенскай адкрыла і скарбонку таленту Юркі Голуба. Нарадзіўся будучы паэт 20 кастрычніка 1947 года ў весцы Горна. Вучыўся ў пачатковай школе гэтай вёскі, затым у Зэльвенскай сярэдняй школе. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады. У раённым друку ў 1963 годзе з’яўляецца яго першы верш "Хто не працуе ...”.
У 1965 годзе Юрка Голуб паступае ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на філалагічны факультэт. Выкладчыкамі універсітэта былі вядомыя паэты і пісьменнікі, што станоўча спрыяла развіццю паэтычных здольнасцей шчырага і дапытлівага юнака. У 1965 годзе Юрка Голуб з’яўляецца ў рэспубліканскім друку. Выданнем яго першага зборніка паэзіі "Гром на зяленае голле” азнаменаваўся 1969 год.
Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта ў 1970 годзе амаль двадцаць пяць гадоў працаваў загадчыкам аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага аблрадыёяб’яднання. Вёў перадачу "Гродзеншчына літаратурная”. Адначасова (з 1975 г.) з’яўляўся літкансультантам рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда”, дзе і працуе зараз у аддзеле культуры і навукі.
Працягваецца паэтычная творчасць Юркі Голуба.З 70-ых па 90-ыя гады выходзяць 5 зборнікаў паэзіі.
У 2001 годзе выдаецца кніга вершаў "Поруч з дажджом”, у 2002 годзе – "Зажураны камень”. У пачатку 2005 года з’явілася кніга "Брама зімы”, у 2006 –кніга "Багра”, а ў Беластоку выйшла кніга "Z-nad Niemenskich Stron”(пераклады з кнігі "Поруч з дажджом”)
Творчасць Юркі Голуба вядома не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі. Асобныя творы перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую, польскую, нямецкую, славацкую мовы.
За заслугі ў паэзіі Юрый Уладзіміравіч узнагароджаны ў 2000 годзе літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова. З мая 2003 года ён з’яўляецца старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення аб’яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Юрка Голуб прэзентацыя