ПРАФЕСАР
Людміла Варанчыхіна
Зэльвенская зямля
багата на вядомых, таленавітых, адданых справе людзей - патомных хлебаробаў,
паэтаў, вучоных. Сёння мы хочам расказаць пра Людмілу Іванаўну ВАРАНЧЫХІНУ -
ураджэнку г. п. Зэльва, прафесара, доктара хімічных навук.
Нарадзілася
Людміла Іванаўна 22 лютага 1939 года ў г. Пушкін, Ленінградскай вобласці. У
1956 годзе Людміла закончыла Зэльвенскую сярэднюю школу і паступіла ў Ленінградскі
дзяржаўны універсітэт на хімічны факультэт. Па накіраванню працавала ў г.Калініне
ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце сінтэтычных валокан. Затым вучоба ў аспірантуры
Інстытута элементаарганічных злучэнняў Акадэміі навук СССР у г. Маскве. Пасля
абароны кандыдацкай дысертацыі працавала ў Калінінскім дзяржаўным універсітэце
старшым выкладчыкам, дацэнтам, а з 1985 года Людміла Іванаўна загадвала кафедрай
арганічнай хіміі, абараніла доктарскую дысертацыю. Ёй прысвоена вучонае званне
прафесара.
Людміла Іванаўна мае больш ста навуковых публікацый, у тым ліку адзінаццаць
вынаходніцтваў, на якія выдадзены аўтарскія пасведчанні. Ёю напісаны шэраг
вучэбных дапаможнікаў па курсу „Элементаарганічных хімій", метадычных дапаможнікаў
для студэнтаў па спецыяльнасці „Хімія”. Яе выпускнікі – настаўнікі хіміі і
навуковыя супрацоўнікі - працуюць не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але і у Беларусі.
Сярод яе былых вучняу - шэсць выпускнікоў Зэльвенскай сярэдняй школы, якія
працуюць настаўнікамі ў Калінінскай і Гродзенскай абласцях.
У навуковыя
інтарэсы Людмілы Іванаўны ўваходзіць хімія паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР)
(сінтэз, уласцівасці, прымяненне), якая ўяўляе сабой шырокі асартымент мыйных
сродкаў, інгібітараў карозіі, бактэрыцыдных прэпаратаў, стымулятараў росту.
Студэнты кафедры спецыялізуюцца менавіта па хіміі ПАР.
Навукова-даследчая
работа, кіраўніком яком яна з'яўляецца на працягу больш 10 гадоў, уключае ў
сябе распрацоўку і стварэнне новых радыепаглынальных матэрыялаў - вынікі
даследчай работы накіраваны на ўмацаванне абараназдольнасці краіны.
Распрацоўкі кафедры
неаднаразова дэманстраваліся на ВДНГ СССР і адзначаны медалямі. Вынікі яе
работы абмяркоўваліся на міжнародных, еўрапейскіх, усесаюзных і рэспубліканскіх
канферэнцыях і сімпозіумах. Людміла Іванаўна з'яўляецца членам вучонага савета
універсітэта і факультэта, уваходзіць у камісію навукова-тэхнічнага савета,
апаніруе дысертацыі.
З вялікай цеплынёй
адклікаецца прафесар Варанчыхіна аб сваіх любімых настаўніках-педагогах Зэльвенскай
сярэдняй школы № 1, якой дарэчы, хутка споўніцца 60 гадоў.
— Я бясконца
ўдзячна ім за выхаванне нашых характараў, — гаворыць Людміла Іванаўна, — за станаўленне нас як асоб, за
тое, што прывілі нам працавітасць, вучылі быць адказнымі за ўсе нашы справы і
ўчынкі, выхоўвалі ў нас дабрату і спагаду. Многае для нас зрабіла класны
кіраўнік Зінаіда Трафімаўна Удавенка — выкладчык рускай мовы і літаратуры
(цяпер яна працуе ў Асіповічах). Успамінаючы школьныя гады, немагчыма забыць
пра карнавальныя навагоднія вечары, якія мы рыхтавалі разам з Зінаідай
Трафімаўнай. Яна для нас была не толькі настаўнікам, але і сябрам, дарадцай.
Колькі п'ес рускіх, беларускіх і польскіх аўтараў паставіла З.Т.Удавенка на
школьнай сцэне — гэта „Брэсцкая крэпасць", „Выбачайце, калі ласка",
„Пан Тадэвуш" і іншыя. У спектаклях былі заняты і настаўнікі, і вучні,
таму і збіралі яны шмат гледачоў.
З удзячнасцю
гаворыць прафесар аб настаўніках фізікі Івану Васільевічу Іоська, матэматыкі —
Браніславе Антонаўне Дубовай, школьным бібліятэкары Ніне Арцёмаўне Стасевіч,
настаўніцы фізкультуры Ірыне Станіславаўне Тукальскай, якая прывіла ёй любоў да
спартыўнай гімнастыкі, дзякуючы чаму ўжо ва універсітэце Людміла мела першы
спартыўны разрад, а затым атрымала кваліфікацыю суддзі па гімнастыцы.
Людміла Іванаўна з
радасцю ўспамінае цікавыя паходы на возера Бяздоннае, паездкі з канцэртамі ў вёскі
раёна — усё гэта дастаўляе вялікую радасць школьнікам, таму часта ўсплывае ў памяці
і сёння.
Уклад прафесара
Варанчыхінай у навуку адзначаны медалём „Ветэран працы", залатым,
сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ СССР.
Ад выпускнікоў
універсітэта ў адрас Людмілы Іванаўны прыйшло цёплае віншаванне ў сувязі з уручэннем ёй
медаля „За працоўную адзнаку": „Вы дапамаглі нам паверыць у сябе, у свае
сілы, магчымасці, адкрылі прыгажосць і мудрасць навукі. Тым, што знайшлі сваю
справу ў жыцці, мы абавязаны вам, Людміла Іванаўна. Шчырае дзякуй!".
Чалавек уступае ў
жыццё, каб заняць у ім дастойнае месца. Прафесар Варанчыхіна дапамагла не
аднаму навучэнцу зрабіць правільны выбар у жыцці. Чалавек слова і справы, яна і
сваім выхаванцам прывівае пачуцці доўгу і высокай адказнасці перад людзьмі за
даручаную справу.
Дачка Людмілы
Іванаўны — Наташа пайшла па шляху маці — яна скончыла хімічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага
універсітэта. Але сямейныя абставіны склаліся так, што цяпер яна пражывае за
мяжой, у ЗША.
... Па вуліцы
Шапавалава, што ў г. п. Зэльва, пражываў бацька Людмілы Іванаўны — Іван
Міхайлавіч. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Бацькоўскі дом стаў сапраўдным
прытулкам для Людмілы Іванаўны, куды яна прыязджае штогод, каб успомніць аб
земляках, шчаслівых гадах дзяцінства і юнацтва.
Выкарыстаныя крыніцы:
1. Памяць. Гісторыка -дакументальная
хроніка
Зэльвенскага
раена,Мн.,2003
г. С. 424.
2. М. Королькова. Дело,
которое любишь. // Калининец.14.11.1986
3. С.Васільеў. Твае людзі,
Зэльвеншчына. // Праца. 07.08.1991
4. Матэрыялы ўспамінаў
Варанчыхінай Людмілы Іванаўны.
5. Фота і матэрыялы з
асабістага архіву.